Урачы-спецыялісты з Гродна пракансультавалі карэліччан па праблемах бясплоднасці ў межах акцыі «За нараджэнне»

21 чэрвеня на базе Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы ўпершыню адбыўся прыём урачамі-спецыялістамі з Гродна ў межах абласной акцыі “За нараджэнне” па праблемах бясплоднасці.

Сёння дэмаграфічнае пытанне і тэма сям’і з’яўляюцца надзвычай актуальнымі як для краіны ў цэлым, так у прыватнасці і для нашага рэгіёна. Менавіта гэта і стала нагодай для правядзення маштабнай абласной акцыі “За нараджэнне”.

Аддаленасць невялікіх населеных пунктаў ад абласных цэнтраў і сталіцы часам становіцца перашкодай для пацыентаў, якім неабходна дапамога спецыялістаў вузкага профілю. А што можа быць у гэтым свеце больш каштоўным, чым сям’я з дзеткамі? Таму ў нашым абласным перынатальным цэнтры і ўзнікла ідэя правядзення вялікай акцыі па праблемах бясплоднасці. З падтрымкай галоўнага ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама праект стаў рэальнасцю. Да канца лета мы наведаем усе раёны рэгіёна, а пакуль прыёмы прайшлі ў Ваўкавыску, Зэльве і Навагрудку, – падзялілася дэталямі загадчык кансультатыўна-дыягнастычнага аддзялення “Шлюб і сям’я” паліклінікі Гродзенскага абласнога клінічнага перынатальнага цэнтра, урач акушэр-гінеколаг Наталля Палудзень. – У Карэлічах, у прыватнасці, да мяне звярталіся ў асноўным па пытаннях планавання сям’і. Таксама былі агучаныя праблемы бясплоднасці, звыклага невыношвання цяжарнасці. Дадам, што разам са мной прыём вядуць урач акушэр-гінеколаг кабінета па жаночай бясплоднасці кансультатыўна-дыягнастычнага аддзялення “Шлюб і сям’я” паліклінікі Гродзенскага абласнога клінічнага перынатальнага цэнтра Ніна Юшкевіч і ўрач-уролаг гарадской паліклінікі № 6 г. Гродна Барыс Пілецкі. Мы кансультуем, даем рэкамендацыі па назіранні, прызначаем лячэнне, накіроўваем на далейшае абследаванне.

На прыём да гродзенскіх спецыялістаў папярэдне запісаліся 15 карэліччан, але ўрачы выказалі гатоўнасць прыняць усіх пацыентаў, якім спатрэбіцца іх кансультацыя і дапамога. З такім падыходам ёсць цвёрдая ўпэўненасць у тым, што асноўная мэта акцыі – падняць нараджальнасць у вобласці – будзе паспяхова дасягнута.

Марына КАЗЛОВІЧ

Фота аўтара

Pomogut Профессорский консультативный центр Фармация Гродно Здоровые люди Сайт для подростков Молодежь Гродненщины Медицинский вестник Гродненская правда