Анастасія Хлюпіна: «З тымі ведамі, якія атрымаем сёння, заўтра прыйдзем у вельмі адказную прафесію». Будучы ўрач у праекце "Чаго хоча моладзь?"

Будучую прафесію абрала па прыкладу маці, падчас вучобы змагла напрамую задаць пытанне Прэзідэнту, паспявае плённа працаваць на карысць многіх інтарэсаў. У праекце «Чаго хоча моладзь?» студэнтка чацвёртага курса Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта Анастасія Хлюпіна.

З ЛЁГКАСЦЮ БЯРЭЦЦА ЗА СКЛАДАНЫЯ ЗАДАЧЫ

Яшчэ зусім маленькай дзяўчынкай з прафесіяй урача яна пазнаёмілася спачатку як пастаянны “глядач”. Даволі часта ў абласной бальніцы, Анастасія назірала за працай матулі. Прыклад такіх штодзённых клапот маці, відавочна, і паўплываў на бескампраміснае «так» Анастасіі на карысць ганаровай прафесіі.

– Асяроддзе матуліных калег заўсёды здавалася нейкім асаблівым. Яшчэ дзіцём я зразумела, што ўрачы – гэта моцныя духам людзі высокай культуры. Вельмі захацелася ў будучым адчуць і сябе часткай гэтага, – гаворыць Анастасія.

Падчас вучобы ў школе яна была на «ты» з усімі прадметамі без выключэння. Гродзенскую гімназію №1 імя акадэміка Яўхіма Карскага дзяўчына скончыла с залатым медалём. Круг яе вучнёўскіх інтарэсаў заўсёды быў вельмі шырокі. Як навучэнка фізіка-матэматычнага класа яна аддавала перавагу дакладным навукам, даволі паспяхова ўдзельнічала ў алімпіядным руху і разам з тым паспявала быць актывісткай школьнага медыяцэнтра. А сёння публікуецца ва ўніверсітэцкай газеце «Эскулап».

– Урач павінен быць чалавекам універсальным. Першае месца, безумоўна, займаюць прафесійныя веды. Але не менш важную ролю адыгрываюць уменне строіць дыялог з пацыентам, здольнасць простымі словамі патлумачыць складаныя дыягназы, калі трэба супакоіць і зацікавіць чалавека рашуча рухацца да выздараўлення. Заўсёды любіла складаныя задачы, і гэта таксама стала аргументам для доказу самой сабе: гэта мне па сілах.

ДЛЯ ПОСПЕХУ НЯМА БАР’ЕРАЎ

Анастасія ўпэўнена, што не існуе няважных дысцыплін ні ў яе сённяшняй справе навучання, ні на прыступачку, які да гэтага паспяхова вёў, – вучобе ў гімназіі. З асаблівай падзякай гаворыць пра настаўнікаў, дзякуючы якім узровень англійскай мовы дазваляе без цяжкасцей разумець суразмоўцаў за межамі Беларусі. У мінулым годзе будучы ўрач, напрыклад, праходзіла стажыроўку ў Польшчы. Калі нешта было не зразумела па-польску, з лёгкасцю пераходзіла на англійскую мову.

Нават адно са студэнцкіх даследванняў Анастасіі тычылася медыцынскай тэрміналогіі ў англійскай мове. Яно, дарэчы, было адзначана на рэспубліканскім конкурсе студэнцкіх навуковых работ.

Пасля ўсяго вышэйсказанага не будзе здзіўленнем для чытача і тое, што Анастасія даўно з’яўляецца членам універсітэцкага навуковага студэнцкага таварыства. Штогод яна дапамагае ў арганізацыі гродзенскай медыцынскай канферэнцыі і актыўна ўдзельнічае ў такіх сустрэчах сама. Яе выступленні падчас міжнародных канференцый слухалі ў аўдыторыях Санкт-Пецярбурга, Гомеля. А яшчэ адным пацверджаннем яе актыўных навуковых памкненняў з’яўляецца тое, што, з'яўляючыся студэнткай толькі чацвёртага курса, Анастасія можа пахваліцца больш чым дзясяткам навуковых публікацый у зборніках.

– З тымі ведамі, якія атрымаем сёння, заўтра прыйдзем у вельмі адказную прафесію. Добра гэта разумею, таму сярэдні бал маёй залікоўкі – 9,1. Да таго ж добра разумею, што ўрач – гэта прафесія, у якой трэба вучыцца ўсё жыцце. Гэта патрабуе нямала сіл, але сёння з ўпэўненасцю магу сказаць, што я да гэтага маральна падрыхтавана, – дадае Анастасія.

ЯРКАЯ ПАДЗЕЯ СТУДЭНЦТВА

Гатова Анастасія і да адказнасці, якая для медыкаў значна шырэй за асабістую. Прызначаючы людзям медпрэпараты і даючы рэкамендацыі, урачы штодзень нясуць адказнасць за жыццё іншых. Гэты бок будучай прафесіі не палохае сённяшнюю студэнтку чацвёртага курса медвуза яшчэ і таму, што яна ніколі не баялася быць калектыўным лідарам. Анастасія – стараста патоку і акрамя навучальных паспяхова спраўляецца з шэрагам арганізацыйных задач.

Менавіта як адзін з калектыўных лідараў у канцы мінулага года Анастасія стала ўдзельніцай тэлемаста з Прэзідэнтам у Гродне. І нават адзіная задала яму пытанне. Будучы ўрач цікавілася, якімі якасцямі, на думку Прэзідэнта, павінен валодаць сучасны студэнт-медык, каб у будучым стаць добрым прафесіяналам.

– Вызначальнымі сярод такіх якасцяў Прэзідэнт назваў працавітасць і цярпенне. За гады вучобы мы і самі паспелі ў гэтым пераканацца. Без гэтага дасягнуць пастаўленых мэтаў немагчыма, – успамінае Анастасія. – Мы атрымалі аб’ёмныя адказы на асноўныя пытанні, якія турбуюць як будучага медыка, так і ўжо дасягнуўшага пэўных вынікаў у прафесіі.

«У БУДУЧЫНІ ХАЦЕЛАСЯ Б УБАЧЫЦЬ ШЧАСЛІВАГА ЧАЛАВЕКА»

Выдатную вучобу Анастасія спалучае з захапленнем спортам. Ва ўніверсітэце вядзе заняткі па фітнэсе. І ў тым ліку для педагогаў, якія звычайна кантралююць узровень яе ведаў падчас вучобы. Працуе Анастасія і ў адным з фітнэс-цэнтраў горада. Планаваць спартыўную нагрузку для тых, хто жадае трымаць сябе ў форме, дапамагае не толькі добрая фізічная падрыхтоўка, але і веданне фізіялогіі чалавека.

Больш за два гады Анастасія дапамагае людзям яшчэ і як валанцёр атрада хуткага рэагавання пры гродзенскім аддзяленні Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа. Разам з аднадумцамі ўдзельнічае ў пошуках людзей, вучэннях і сустрэчах членаў атрада, дапамагае іншым навучыцца правільна аказваць першую дапамогу.

– Нехта павінен займацца такой асветніцкай працай. Як паказвае практыка, далёка не кожны сёння валодае нават базавымі правіламі аказання першай дапамогі. А гэтыя навыкі пры пэўных абставінах змогуць захаваць чыёсьці жыццё.

Так ці інакш, чырвонай стужкай праз яе жыццё праходзіць захапленне медыцынай. І яно займае вызначальнае месца. На прапанову працягнуць фразу: «Праз дзесяць гадоў я…» – Анастасія адказала ўжо праз некалькі секунд:

– Вельмі складана нават уявіць сваё жыцце праз дзесяць гадоў. Але, зазірнуўшы на хвілінку ў будучае, хацела б убачыць там перш за ўсё шчаслівага чалавека. Чалавека, якому прыносіць радасць любімая справа, які задаволены сваім становішчам у прафесіі, а са сваімі поспехамі і расчараваннямі кожны дзень спяшаецца ў сям’ю. Мне здаецца, цяжка за дзесяць гадоў стаць высакакласным спецыялістам у медыцыне, але да гэтага часу хацелася б дапамагчы многім людзям. Упэўнена, што ўсё ў нашых руках. Для дасягнення гэтага трэба не баяцца ставіць амбіцыйныя мэты і рашуча ісці да іх.

Служба информации "ГП"

Pomogut Профессорский консультативный центр Фармация Гродно Здоровые люди Сайт для подростков Молодежь Гродненщины Медицинский вестник Гродненская правда