Кацярына Жук: “Медыцына – шырокі прастор для адкрыццяў і інавацый”. Студэнтка Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта ў праекце "Чаго хоча моладзь?"

Студэнтка Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Кацярына Жук магла б стаць артысткай ці, напрыклад, біяхімікам. Але ўсё ж спыніла свой выбар на прафесіі ўрача – прэстыжнай, важнай і запатрабаванай ва ўсе часы.

Дапамагаць людзям і свету ў агульным можа кожны, упэўнена дзяўчына. Але для гэтага патрэбна максімальна эфектыўна планаваць сваю дзейнасць падчас вучобы ці працы і размяркоўваць вольны час. І будучы ўрач паспяхова прытрымліваецца ўзгаданых прынцыпаў – вучыцца звыш праграмы, займаецца валанцёрскай дзейнасцю і падтрымлівае студатрадаўскі рух.

Ад цацачнага стэтаскопа да сапраўднага

У дзяцінстве любімымі цацкамі Каці былі зусім не лялькі.

– На святы мама дарыла мне дзіцячыя цацкі, звязаныя з медыцынай. Адна з іх – маленькі стэтаскоп, які я аднойчы знайшла пад навагодняй ёлкай. Бацькі ўвесь час падштурхоўвалі мяне да прафесіі ўрача, хоць медыкаў у нашай сям’і не было. У старэйшых класах я ўжо не сумнявалася ў тым, што стану медыкам. Упэўненасць у гэтым мне надалі поспехі ў біялогіі і хіміі, удзел у даследчай дзейнасці і алімпіядах, – расказвае Кацярына.

Зараз дзяўчына – студэнтка 4 курса педыятрычнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. У той год, калі Каця паступала ў ВНУ, на педыятрычны факультэт набіралі толькі 80 абітурыентаў пры звычайных 110–130. Таму конкурс на месца, як і прахадны бал, быў высокім. У выніку сфарміраваўся моцны курс.

Простым навучанне ў медуніверсітэце не назавеш. Выкладчыкі падштурхоўваюць студэнтаў да дасканальнага вывучэння кожнай тэмы і прапануюць грунтавацца не толькі на тэорыі. Таму ўключаюць у вучэбны працэс стажыроўкі ў розных аддзяленнях бальніц.

Інфармацыйныя тэхналогіі ў вучэбным працэсе для студэнтаў-медыкаў не навіна. Яны актыўна выкарыстоўваюць віртуальную сістэму кіравання курсамі Moodle, дзе ёсць увесь матэрыял да заняткаў: відэаролікі, фотаздымкі, аудыёзапісы, лекцыі і многае іншае. Напрыклад, калі казаць пра педыятрыю, то ў гэтай сістэме можна праслухаць, як б’ецца сэрца ці як дыхае дзіця пры наяўнасці захворванняў.

На тое, каб вывучыць матэрыял, патрабуецца шмат часу. Але ж, нягледзячы на гэта, студэнтка ўдзельнічае ў грамадскім жыцці ўніверсітэта, актыўна займаецца валанцёрскай дзейнасцю. Дзяўчына з першага курса з’яўляецца сакратаром пярвічкі ГА “БРСМ” свайго факультэта.

Практыка і яшчэ раз практыка

Каб атрымаць практычныя навыкі, студэнты-медыкі імкнуцца паралельна з вучобай працаваць у медыцынскіх установах. Калі на працягу вучэбных семестраў гэта не атрымліваецца, можна паспрабаваць свае сілы падчас летняга адпачынку, а дакладней падчас працы ў студатрадзе. Кацярына мінулым летам такой магчымасцю скарысталася.

– Працавала ва ўніверсітэцкай клініцы. З’яўлялася камандзірам свайго студатрада “Медык”, – расказвае дзяўчына. – Паспрабавала сябе ў якасці палатнай медсястры радыёлагічнага аддзялення. Рабіла ўнутрымышачныя ін’екцыі, сачыла за выкананнем пацыентамі прызначэнняў урача, прыёмам медпрэпаратаў. Спачатку вельмі хвалявалася, але вопытныя калегі падтрымлівалі і давалі карысныя парады. Так у мяне з’явілася цвёрдая ўпэўненасць у тым, што я зрабіла правільны выбар прафесіі.

Бонусам за якасную і бездакорную працу стала перамога Кацярыны ў рэспубліканскім конкурсе “Працоўны семестр” у намінацыі “Лепшы камандзір медыцынскага атраду” па выніках 2019 года.

Неанатолаг ці афтальмолаг?

Студэнтка з хваляваннем чакае размеркавання па субардынатуры. У гэты час ёй трэба вызначыць, якую спецыяльнасць яна хоча вывучаць далей. У марах – стаць неанатолагам ці дзіцячым афтальмолагам.

– Неанаталогія ўяўляе сабой вельмі адказную працу з нованароджанымі з першых хвілін іх жыцця. Урач-неанатолаг павінен валодаць мноствам складаных практычных навыкаў, адсутнасць якіх не кампенсуе нават бліскучае веданне тэорыі. Каб прывыкнуць да зусім маленькіх дзетак, утаймаваць свае хваляванні і набрацца вопыту, я пайшла на стажыроўку ў перынатальны цэнтр. Пэўны час назірала за працай медсясцёр і нават спрабавала даглядаць маленькіх дзетак сама. Ніколі не забуду той момант, калі ўзяла нованароджанага на рукі – вельмі хвалявалася, але ж са сваімі абавязкамі справілася на выдатна. Пра гэта мне потым казалі медсёстры.

Акрамя таго, неанатолаг узаемадзейнічае з мамамі сваіх маленькіх пацыентаў. Таму ён павінен быць добрым псіхолагам, каб у свой час супакоіць, адшукаць неабходныя словы і падтрымаць.

Па натуры – даследчык

Кожны студэнт-медык падчас вучобы ва ўніверсітэце далучаецца да навуковай працы. Кацярыне падабаецца працэсс даследвання: праца з рэактывамі, гадзіны назіранняў, а таксама вывучэння матэрыялаў у архівах бальніц. Дзяўчына лічыць, што медыцына – адна з тых сфер, што ўяўляе сабой шырокі прастор для адкрыццяў і інавацый.

Разам з другім студэнтам на кафедры хірургіі дзяўчына займалася даследваннем метадаў лячэння язваў з дапамогай вуглевалакністых матэрыялаў, таксама вывучала немадыфікаваныя і мадыфікаваныя фактары рызыкі ў людзей з інсультам. Зараз у распрацоўцы метады лячэння цукровага дыябету.

– Вынікі сваіх даследванняў мы прадстаўляем на навуковых канферэнцыях як у Беларусі, так і за яе межамі. Удзел у такіх мерапрыемствах адкрывае перад студэнтам-медыкам добрыя перспектывы: калі твая навуковая праца моцная і яе адзначаюць на рэспубліканскім узроўні, можна разлічваць на пэўныя бонусы. Напрыклад, выбраць любое месца для прахаджэння субардынатуры.

Натхняе Кацярыну прыклад аднаго з выкладчыкаў універсітэта – дацэнта кафедры дзіцячай хірургіі Аляксандра Глуткіна, які распрацаваў інавацыйную гідрагелевую матрыцу для вытворчасці раневых павязак і касметычных сродкаў. Дзяўчына спадзяецца, што аднойчы зробіць сваё вельмі важкае і карыснае для грамадства адкрыццё.

У будучым – аўтарытэт сярод пацыентаў і калег

Кацярына не зазірае далёка ў будучыню, але дакладна ведае, што праз некалькі гадоў хацела б прымаць маленькіх пацыентаў у горадзе над Нёманам і рабіць усё магчымае для таго, каб яны былі здаровымі. Свой родны Гродна дзяўчына не жадае мяняць на гаманлівыя і шырокія праспекты сталіцы ці любога іншага горада.

– Перш за ўсё кожны з нас павінен берагчы ў сябе добрага і сумленнага чалавека, неабыякавага да чужой бяды. Тады ўсё атрымаецца. Канешне, я не засынаю з думкай пра тое, што праз дзесяць гадоў буду загадчыцай якога-небудзь аддзялення. Проста хачу быць кваліфікаваным, упэўненым у сабе і сваіх ведах урачом, які дапамагае самым маленькім і з першых дзён жыцця адказвае за іх здароўе.

Служба информации "ГП"

Pomogut Профессорский консультативный центр Фармация Гродно Здоровые люди Сайт для подростков Молодежь Гродненщины Медицинский вестник Гродненская правда