Павестка ў зону адчужэння

Для Валерыя і Тамары Кучукоў 1987 год стаў лёсавызначальным: прыехаўшы аддаваць доўг Радзіме на месца чарнобыльскай трагедыі, яны знайшлі сваё каханне.

Маладая медсястра гродзенскай паліклінікі Тамара і працаўнік мальскага калгаса Валерый, які зусім нядаўна дэмабілізаваўся з арміі, у адзін год атрымалі павесткі. І служыць ім давялося ў адзін час у адным месцы – у медсанбаце пасёлка Рудакова Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці. Гэта была зона адчужэння -- тэрыторыя трыццацікіламетровай зоны ЧАЭС.

“Толькі адслужыў – і зноў прызвалі”

Валерый родам з Іўеўскага раёна. Адслужыўшы ў арміі, ён прыехаў працаваць у будаўнічай брыгадзе калгаса “Чырвоны Кастрычнік” – тут плацілі добра, грошай можна было падзарабіць.

-- Думаў, хоць лета пагуляю пасля арміі, а тут праз паўтара месяца, гэта быў красавік, павестка з ваенкамата – ізноў на службу трэба.

З раёна такіх чацвёра было. У Астраўцы ім сказалі, што едуць на тры месяцы, а ў Слуцку маладыя людзі даведаліся, што на паўгода. “Хлопцы загудзелі спярша, -- расказвае Валерый, -- а потым супакоіліся – куды ўжо дзенешся”.

Пра тое, што едзе ў небяспечнае месца і гэта можа мець нейкія наступствы, прызыўніку Кучуку не думалася. Трэба -- значыць, трэба!

-- Працаваў я сувязістам. Зарплату налічвалі нам па сярэдняму і яшчэ камандзіровачныя крыху больш за 100 рублёў у месяц плацілі, --расказвае мужчына.

Пад шпіталь было перапрафілявана мясцовае прафтэхвучылішча. Там жа размясціўся машынны парк: “хуткія дапамогі”, так званыя санітаркі, аўтобусы, іншая тэхніка. Медсанбат быў не адзіным у акрузе – тут дыслацыраваліся часці рознага прызначэння, якія ахоўвалі, патрулявалі мясцовасць, працавалі на рэактары, вывозілі смецце, мылі хаты, здымалі верхні грунт заражанай зямлі …

-- Казалі, што баяліся яшчэ аднаго ўзрыву. У нас там, можна сказаць, моладзь служыла – амаль усе да 40 гадоў, -- працягвае астраўчанін. -- Дзяўчат замужніх на службу не прызывалі, а вось мужчын і сямейных, і халасцякоў было. Салдат тэрміновай службы туды не адпраўлялі – толькі тых, хто ў запасе.

Да патрэбнага тэрміну Валерый не даслужыў 10 дзён – выйшаў указ да 30 гадоў у Чарнобыльскую зону не адпраўляць, а яму на той момант 21 быў.

-- Па прыбыцці туды нас засцераглі, што нельга ляжаць на траве, гуляць у валейбол, доўга знаходзіцца на вуліцы… Але дзе ж ты вытрымаеш! Маладыя, адчайныя! – вяртаецца думкамі ў Рудакова мужчына. – Нядзелі дзве прайшло – і забыліся на ўсе перасцярогі. І купацца хадзілі, і на рыбалку ездзілі. Праўда, рыбу не елі. Нам дзядок мясцовы вуды даваў – яму ўлоў і насілі.

Кармілі ваеннаслужачых як на ўбой. На згушчонку ніхто глядзець не мог, сабакі мясцовыя нават яйкі вараныя навучыліся лупіць: шчоўк-шчоўк – толькі шкарлупіны адляталі.

У Рудакова з мясцовых засталіся толькі старыя, якія не захацелі высяляцца. Бабулі штодня прыходзілі да нас пад сталоўку за адыходамі – бралі іх свіням. Уся бульба, што капалі пасля ўзрыву, пагніла – яе каля платоў горы ляжалі. Жывёлу не было чым карміць, вось і хадзілі мясцовыя ў часць.

-- Спярша нам казалі, што доза апраменьвання, якую мы можам атрымаць, не павінна была перавышаць 25 рэнтген – хто “набіраў”, адпраўлялі дахаты. -- тлумачыць Валерый. – Некаторыя хлопцы прасіліся, каб іх адправілі на рэактар смецце вывозіць, -- “схопяць” дозу – і дамоў. У мяне вадзіцельскіх правоў не было, ды і не рваўся я хутчэй адбыць. А потым дозу апраменьвання знізілі да 10 рэнтген.

-- А як трава там хутка расла – нібы цягнуў яе з зямлі хто! – прыгадвае мужчына.

“Працавалі на аптымізме”

Пасля медвучылішча Тамара адпрацавала чатыры гады па размеркаванні ў вёсцы Баяры Гродзенскага раёна, а потым у Гродне ўладкавалася медсястрой у лор-кабінет. Там дзяўчына і атрымала павестку ў Рудакова.

-- Мне тады 24 гады было, -- расказавае Тамара. -- Прыйшла павестка з ваенкамата – і паехала. Адбыла там чэрвень-ліпень. Некаторыя баяліся – шукалі хваробы, ішлі на бальнічны… А я паехала не таму, што адчайная была. Проста мы нічога не ведалі пра наступствы аварыі, пра тое, чым можа абвярнуцца гэтая камандзіроўка, -- ні па тэлебачанні, ні ў газетах жа нічога не паведамлялі, не тлумачылі. Чулі, што аварыя была. А што і да чаго?..

Працаваць у зону адчужэння медсясцёр накіроўвалі тэрмінам на два месяцы – і толькі незамужніх. З Гродзенскай вобласці тады паехала 40 дзяўчат.

На размеркавальным пункце ў Слуцку медыкаў папярэдзілі, што яны яшчэ могуць перадумаць, але склад камандзіраваных не змяніўся.

Прыбыўшых засялілі ў інтэрнат, што быў ля шпіталя. У медсанбаце Тамара стала працаваць старшай медсястрой у тэрапеўтычным аддзяленні. Абслугоўвала гэта ўстанова ваенныя часці наваколля.

-- Працавалі мы на аптымізме – не пускалі дурных думак у галаву, -- усміхаецца Тамара.

Там жа, у Рудакове, медработнікі прынялі прысягу.

-- Два разы на дзень, раніцай і вечарам, у нас былі пастраенні, -- узгадвае службу жанчына. – Думала, ніколі не запомню, як адрозніваць ваеннаслужачых па званні – але вывучыла. Трэба было і чэсць аддаваць, і па ўставе звяртацца – навучылася.

Самым складаным для дзяўчат было хадзіць па форме: лета, спёка, а яны ў дадатак да нязвыклага адзення яшчэ і ў кірзавых ботах. Праз нейкі час, бачна, пашкадаваўшы жаночыя ногі, ім дазволілі насіць свой абутак.

Здароўе ўсіх служачых трымалі на кантролі: у іх кожны тыдзень бралі аналізы крыві.

Каб хоць неяк разнастаіць быт “адчужэнцаў”, у часць прывозілі кіно, ладзілі ў клубе танцы, часам медсанбатаўцы выязджалі ў іншыя воінскія часці.

-- Туды ехалі аўтобусам, а вярталіся поездам – 15 гадзін у дарозе. Цяпер дзіўным можа паказацца, а для нас, зялёных, гэта здавалася нейкай рамантыкай! – смяецца жанчына. – Для мяне гэтыя два месяцы праляцелі як адзін дзень.

Калі дзяўчына прыехала да бацькоў, яе маці, наслухаўшыся размоў вяскоўцаў пра тое, што яе Тома доўга не пражыве, бо была ў Чарнобылі, у радыяцыі, -- падзялілася набалелым з дачкой. Але Тома толькі адмахнулася: не слухай ты нікога! Усё будзе добра.

-- Цяпер я разумею, што магло па-рознаму стацца, -- уздыхае Тамара. -- У маёй калегі па шпіталі першае дзіця інвалідам нарадзілася…

А што далей?

Аддаўшы доўг Радзіме, Валерый і Тамара вярнуліся на былыя месцы працы. Іх сяброўства, якое пачалося падчас службы ў медсанбаце, перарасло ў каханне, і праз год яны пажаніліся. Тамара прыехала да мужа ў Астравец – ні на яе роднай Шчучыншчыне, ні на яго Іўеўшчыне маладыя жыць не захацелі.

--Спачатку здымалі пакой у прыватным доме – у Астраўцы тады вельмі складана было жыллё знайсці. Потым ад Валеравай работы – ён працаваў ужо ў Астравецкай міжгалгаснай будаўнічай арганізацыі -- пакой у інтэрнаце, што на вуліцы Карла Маркса, пакой нам выдзелілі як ліквідатарам; пазней блок на Школьнай атрымалі. З цягам часу кааператыўную кватэру пачалі будаваць – чаргі на дзяржаўную не дачакаліся, -- узгадвае Тамара. – Вельмі цяжка было: на першы ўзнос -- 400 долараў – грошы пазычыла сяброўка, для нас тады гэта было непад’ёмнай сумай. Каб аддаць доўг, выплачваць крэдыт, а яшчэ ж і рамонт трэба было зрабіць, муж паехаў на заробкі ў Расію.

Тамара ўладкавалася медсястрой у мясцовую бальніцу. Спярша была ў стаматалагічнай паліклініцы, потым –у кабінеце прафілактыкі, а затым перавялася ў тубкабінет, дзе працуе і сёння.

-- Тут я тры гады адна працавала – не было ўрача, -- дзеліцца жанчына. – Добра, што мая папярэдніца Яніна Іванаўна Баранава, якая ўжо была на пенсіі, дапамагала – і парадай, і справай. Я да яе хаты сцёжку вытаптала.

Пра службу ў зоне адчужэння ім штогод нагадвалі абавязковыя медкамісіі, якія павінны былі праходзіць і іх дзеці; нейкі час пра гэта “гаварылі” адсутнасць падатку ў разліковым лістку ды два тыдні дадатковага аплачваемага водпуску.

-- Раз на год у санаторый можна было ездзіць бясплатна – я два разы была, а мой Валера – ніводнага, -- расказвае жанчына. – А яшчэ – без чаргі садовы ўчастак узяць. Кажуць, даплата нам да пенсіі будзе як ліквідарам.

-- Але не гэта важна. Самае галоўнае, што ў нас, дзякаваць богу, у жыцці ўсё добра склалася, -- падводзіць вынік Тамара. – У нас двое дзяцей, яны ўжо стварылі свае сем’і.

Островецкая ЦРКБ

Pomogut Профессорский консультативный центр Фармация Гродно Здоровые люди Сайт для подростков Молодежь Гродненщины Медицинский вестник Гродненская правда