Падтрымка як метад дыягностыкi

Акушэр-гінеколаг, урач УГД абласной псіханеўралагічнай бальніцы «Астроўля» Лідскага раёна Таццяна Жучкевіч у прафесіі больш за дваццаць гадоў. Стала лаўрэатам абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года — 2019» у намінацыі «Ратуючы жыццё».

Таццяна Іванаўна родам з суседняга Карэ-ліцкага раёна. З цеплынёй прыгадвае сваіх першых настаўнікаў: тагачаснага прарэктара па навуковай рабоце ГрДМУ прафесара Міхаіла Барысюка, выкладчыкаў кафедры акушэрства і гінекалогіі прафесара Марыю Кажыну, кандыдата мед. навук Таццяну Ягораву ды іншых, якія вучылі на апошнiх курсах. Менавіта тады яна зразумела, якую адказнасць нясуць тыя, хто працуе з цяжарнымі.

— Вучымся і цяпер, — гаворыць Таццяна Іванаўна. — Рэгулярна праходзім курсы павышэння кваліфікацыі ў БелМАПА на кафедры акушэрства і гінекалогіі. Калі прайшла падрыхтоўку ў клінічнай ардынатуры па спецыяльнасці «Ультрагукавая дыягностыка» пад кіраўніцтвам прафесара Аляксандра Кушнярова, зразумела, якія вялікія магчымасці дае гэты накірунак у медыцыне.

З 2019 года ў бальнiцы выкарыстоўваецца плазматэрапія, сумесна з хірургам пад кантролем ультрагукавой навігацыі праводзіцца катэтарызацыя паддэльтавіднай прасторы з увядзеннем лекавых прэпаратаў. Спецыяліст актыўна вывучае матэрыялы даследаванняў гінекалагічных захворванняў, дзе маюць месца неўралагічныя, псіханеўралагічныя і наркалагічныя паталогіі.

Да таго ж Таццяна Жучкевіч узначальвае пярвічку Беларускага саюза жанчын.

— Усе члены нашай арганізацыі не толькі выдатныя прафесіяналы, але і надзейныя сяброўкі, гатовыя прыйсці на дапамогу кожнаму, — гаворыць субяседніца. — З красавіка бягучага года мы актыўна ўключыліся ў правядзенне рэспубліканскай акцыі «Марафон падтрымкі», які ініцыяваў Беларускі саюз жанчын, каб дапамагчы медыцынскім работнікам, якія знаходзяцца на пярэднім краі барацьбы з небяспечнай інфекцыяй. Некаторыя з нашых калег маюць няпоўныя сем’і, у іншых састарэлыя бацькі… Мы трымаем пад кантролем такія сем’і і чым можам дапамагаем.

А дома — хатнія клопаты, якія патрабуюць увагі. Муж Сяргей Жучкевіч, разам з якім вучыліся ў Гродзенскім медінстытуце, тады і шлюбам пабраліся, — галоўны ўрач абласной псіханеўралагічнай бальніцы «Астроўля». Двое дзетак: сын-студэнт Мікіта і дачушка-школьніца Кацярына. Дзеці з разуменнем ставяцца да працы бацькоў, бо ведаюць — яна ў іх адказная.

medvestnik.by

Pomogut Профессорский консультативный центр Фармация Гродно Здоровые люди Сайт для подростков Молодежь Гродненщины Медицинский вестник Гродненская правда