“Самае каштоўнае – давер пацыентаў і павага калег”. Студэнт-медык Улад Шышко аб працы фельчарам у брыгадзе хуткай дапамогі, стажыроўках за мяжой і мэце стаць кардыёхірургам-арытмолагам

Жаданне стаць медыкам у студэнта лячэбнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Улада Шышко з’явілася не адразу. Спачатку юнак хацеў абраць прафесію эканаміста або IT-спецыяліста, але ўмяшаўся выпадак: у 10 класе Улад трапіў у аварыю і некаторы час лячыўся ў нейрахірургічным аддзяленні. Пасля гэтага ён вырашыў, што абавязкова будзе ўрачом, каб выказаць сваю падзяку і павагу тым, хто ратуе жыццё.

НЕ ТАК, ЯК У КІНО

Адчуваць сябе карысным і патрэбным, – такім жаданнем я кіраваўся, калі абіраў будучую прафесію, – распавядае Улад. – Бацька з маці таксама медыкі, і яны вельмі хацелі, каб мой выбар быў свядомым, і праз некалькі гадоў аб ім я не пашкадаваў. І цяпер я рады, што некалі адмовіўся ад ідэі пайсці ў эканоміку. Рухацца наперад у медыцыне, нягледзячы на цяжкасці, дапамагае навуковая цікавасць. Акрамя таго, адчуваю: гэта маё. Вельмі крыўдна будзе, калі не рэалізую свой патэнцыял, не дасягну пастаўленых мэтаў.

Усе хлопцы і дзяўчаты, якія збіраюцца паступаць у медыцынскі, уяўляюць сабе прыгожую карціну: урач у белым халаце кожны дзень шукае адказы на складаныя пытанні, б’ецца над рашэннем унікальных дыягнастычных задач, сутыкаецца з рэдкімі хваробамі – зусім як у серыяле «Доктор Хаус». На самой справе ўсё больш празаічна: на практыцы медыкі павінны мець дакладны аб’ём ведаў і прытрымлівацца пэўных схем і рэкамендацый, кажа Улад. Студэнту трэба вельмі шмат часу правесці над кнігамі, падручнікамі і навуковымі даследаваннямі, каб дасягнуць патрэбнага тэарэтычнага ўзроўню. Але ўсё ж тэорыя не мае асаблівага кошту, пакуль не сутыкнецца з практыкай: рэальнымі клінічнымі выпадкамі і хворымі пацыентамі.

НА ХУТКАЙ ДАПАМОЗЕ

Хацелася хутчэй дакрануцца да практычнай медыцыны, – распавядае хлопец. – На другім курсе ўладкаваўся на працу ў брыгаду хуткай дапамогі. Фінансавай цікавасці не было, неабходны быў вопыт. Пачынаў працаваць санітарам, потым выконваў абавязкі фельчара. У месяц было каля 12 дзяжурстваў. Студэнтам змены ставяць у ноч, на выхадныя і святы. Праца складаная, трэба быць стрэсаўстойлівым. Пацыенты трапляюцца розныя: нехта, напрыклад, з недаверам і асцярогай ставіцца да маладых. Часта даводзіцца выязджаць на выклік да людзей, якія знаходзяцца ў стане алкагольнага або наркатычнага ап’янення, маюць псіхіятрычны дыягназ. Такія пацыенты не заўсёды адэкватна рэагуюць на тых, хто спрабуе ім дапамагчы. Прыходзіцца думаць у тым ліку пра ўласную бяспеку.

Як бы не хацеў урач, усім не дапамагчы. Трэба быць гатовым, што часам на тваіх вачах будуць паміраць людзі, разважае Улад.

Але ў мяне было шмат выпадкаў, калі ўдавалася выратаваць чалавека. І гэта пачуццё ні з чым не параўнаць, – прызнаецца Улад. – Урач павінен быць стрыманым і разважлівым, таму што ў крытычнай сітуацыі патрэбна рашучасць, нельга паддавацца эмоцыям. Я працаваў у брыгадзе хуткай дапамогі два з паловай гады, атрымаўшы пэўны вопыт, звольніўся.

“ЦЯПЕР ТРЭБА РУХАЦЦА ДАЛЕЙ”

Хлопец марыць стаць кардыяхірургам-арытмолагам і выконваць малаінвазіўныя хірургічныя аперацыі на сэрцы. У Беларусі гэта новы накірунак у медыцыне. У Мінску знаходзіцца асноўная адукацыйная база для маладых медыкаў, якія б хацелі працаваць менавіта па такой спецыяльнасці. Таму Улад, калі пашанцуе, збіраецца праходзіць інтэрнатуру ў сталіцы. Магчымасць у хлопца ёсць. Ён актывіст: выдатна вучыцца, вядзе навуковыя студэнцкія даследаванні ў галіне кардыялогіі і кардыяхірургіі, удзельнічае ў канферэнцыях і замежных стажыроўках, а ў вольны час – у творчых і валанцёрскіх конкурсах і праектах.

На размеркаванні добры студэнт, які падчас вучобы праявіў сябе з найлепшага боку, мае права выказаць свае пажаданні наконт будучай працы і таго, чым ён хоча займацца, – кажа Улад. – Галоўнае – не сядзець на месцы, рухацца наперад. Напрыклад, стажыроўкі за мяжой. Туды можна трапіць, калі маеш высокі сярэдні бал і добра валодаеш замежнай мовай. Я быў у Санкт-Пецярбургу і Гданьску. Менавіта там упершыню пазнаёміўся з электрафізіялогіяй сэрца. У Гданьску знаходзіцца адзін з лепшых і самых вялікіх у Польшчы ўніверсітэцкіх клінічных цэнтраў, на базе якога не толькі лечаць пацыентаў, але і навучаюць маладых медыкаў. Спачатку я трапіў у аддзяленне трансплантацыі нырак, але гэта мне здалося не такім цікавым, як малаінвазіўная кардыялогія, таму першую палову дня я наведваў адно аддзяленне, а пасля – іншае. Многія праводзілі ў цэнтры літаральна па некалькі гадзін кожны дзень, а я быў там з ранку да вечара: назіраў за працай хірургаў, намагаўся зразумець і вывучыць як мага больш, а калі вяртаўся дадому, чытаў літаратуру па тэме, рыхтаваўся да наступнага дня, бо тады яшчэ зусім мала ведаў пра кардыёхірургію.

А ПРАЗ ДЗЕСЯЦЬ ГОД…

Паспрабаваць усё Улад імкнецца, калі размова ідзе пра захапленні. Іх у хлопца вельмі многа. Некалі займаўся чырлідынгам і баскетболам. У дзявятым класе сам навучыўся граць на гітары. Цяпер піша музыку і вершы, часам спявае. А яшчэ юнак захапляецца фатаграфіяй і відэаздымкай і нават бясплатна праводзіць курсы ва ўніверсітэце для тых, хто хоча навучыцца фатаграфаваць, але не мае магчымасці хадзіць на дарагія майстар-класы.

Спачатку я таксама вучыўся самастойна. Потым, калі зразумеў, што мне вельмі не хапае прафесійных навыкаў, запісаўся на курсы, – дадае Улад.

Сёння, па яго словах, моладзь імкнецца да фінансавай незалежнасці. Хоча мець добрую адукацыю, магчымасць падарожнічаць. А яшчэ для маладых хлопцаў і дзяўчат вельмі важна, каб іх чулі, прыслухоўваліся да іх меркаванняў і жаданняў.

Я лічу сябе патрыётам: люблю свой горад, краіну, а больш за ўсё – людзей, якія тут жывуць. У Беларусі нарадзіліся і выраслі мае бацькі. Тут мая сям’я, з якой хочацца быць побач. Мару, што праз дзесяць гадоў у мяне ўжо будуць жонка і дзеці, фінансавая стабільнасць, пэўная навуковая ступень, магчыма, кіруючая пасада. Але галоўнае, канешне, – давер пацыентаў і павага калег.

Ганна Радзюк

Pomogut Профессорский консультативный центр Фармация Гродно Здоровые люди Сайт для подростков Молодежь ГродненщиныМедицинский вестникГродненская правдаГродзенскі Зялёны парталГорода беларуси, дружественные детям