9 лютага — Міжнародны дзень стаматолага. Карэспандэнт «Полымя» завітаў да карэліцкіх майстроў усмешкі

У пачатку лютага сваё прафесійнае свята адзначаць прадстаўнікі адной з самых запатрабаваных прафесій у свеце – стаматолагі. Гэтыя ўрачы стаяць на варце здароўя нашых зубоў, дораць прыгожую ўсмешку, пазбаўляюць людзей ад зубнога болю, і наўрад ці сустрэнецца чалавек, які хоць раз у жыцці не звяртаўся да гэтых спецыялістаў па дапамогу.

З нагоды прафесійнага свята карэспандэнт раённай газеты «Полымя» завітаў у стаматалагічнае аддзяленне УАЗ “Карэліцкая ЦРБ”, каб сустрэцца і паразмаўляць з тымі, хто якасна выконвае свае абавязкі і з вялікім жаданнем аказвае дапамогу людзям.

У згуртаваным калектыве ў кожнага ўрача свой уласны стыль работы і кола пастаянных пацыентаў, якія імкнуцца ўзяць талон абавязкова “да свайго доктара”. Большасць з іх – гэта вопытныя спецыялісты. Марыя Далідовіч – стаматолаг-старажыл, яна з 1984 года працуе ў райпаліклініцы. Алена Гурына свой прафесійны шлях пачала ў 1988 годзе ў г. Баранавічы, а з 1991 года паспяхова аказвае дапамогу жыхарам райцэнтра. Зубны фельчар Алеся Каляда прафесійны вопыт назапашвае ў райпаліклініцы з 2014 года. Нямала гадоў працы зубапратэзнай справе аддалі і ўрач-артапед Надзея Бука, і зубны тэхнік Алег Высоцкі. Заўсёды побач з вопытнымі спецыялістамі іх памочнікі-медсёстры Раіса Маныла і Ганна Лабар. У арсенале раённай службы тых, хто дорыць нам прыгожую ўсмешку, акрамя ўрачоў райпаліклінікі, працуюць стаматалагічныя кабінеты ў Цырыне, Луках, Жухавічах, Райцы, Турцы, Міры. Дружны калектыў стаматолагаў папаўняецца маладымі кадрамі. Так, у жніўні мінулага года да працы ў Жухавіцкай амбулаторыі прыступіла малады спецыяліст Дар’я Нядзведская. У дзяўчыны ёсць цудоўная магчымасць пераймаць лепшае з вопыту старэйшых калег. А галоўнае, пачынаючы ўрач ведае, што ёсць непарушныя каштоўнасці, — добрасумленнае стаўленне да працы, ведаў, адказнасць за даручаную справу, бо прафесія медыка — гэта своеасаблівы подзвіг.

Стаматолаг у раённай паліклініцы — урач-універсал, які займаецца лячэннем розных форм карыесу, ажыццяўляе аператыўныя ўмяшанні, пачынаючы ад выдалення малочных зубоў у дзяцей і заканчваючы рознымі запаленчымі працэсамі. Сёння лячэнне зубоў перастала быць непрыемнай і балючай працэдурай, большасць маніпуляцый праводзіцца з дапамогай сучасных метадаў абязбольвання. Таму пацыентам, якімі авалодвае непераадольны страх перад стаматалагічным умяшаннем, цяпер не варта баяцца. Урачы працуюць у цесным узаемадзеянні, пры ўзнікненні складанага выпадку прыходзяць на дапамогу адзін аднаму, бо кожны разумее, што ад прафесійных дзеянняў залежыць здароўе пацыентаў. Старшы доктар Марыя Далідовіч падзялілася:

– Стаматалогія развіваецца вельмі дынамічна. Мяняюцца метады лячэння, з’яўляюцца новыя матэрыялы і інструменты. Гэта матывуе да пастаяннага саманавучання і самаразвіцця, павышэння сваіх прафесійных ведаў. Мы не імкнёмся адразу выдаліць хворы зуб. Калі неабходна, праводзім розныя зубазберагальныя працэдуры, пасля якіх хворы зуб можа праслужыць яшчэ доўгі час. Да гэтага яшчэ хочацца дадаць, што якасць лячэння не заўсёды залежыць ад нас. Вельмі часта яно залежыць і ад чалавека, ад своечасовасці звароту па дапамогу, ад выканання рэкамендацый урача. У паспяховасці лячэння вельмі важна і ўзаемапаразуменне, пачуццё даверу і павагі з боку пацыентаў.

Пры падвядзенні вынікаў працы за год у вобласці стаматалагічная служба Карэліцкага раёна ўжо некалькі гадоў запар займае лідзіруючую пазіцыю. Гэта ўсё дзякуючы сістэмнай прафілактычнай рабоце сярод дзяцей, санацыі, якая праводзіцца ў навучальных установах раёна.

Быць стаматолагам складана: патрэбны фізічная і псіхічная сіла, сабранасць, цярпенне, вытрымка, ураўнаважанасць, дакладная каардынацыя, а самае галоўнае, ён павінен валодаць лепшымі чалавечымі якасцямі. Мы, пацыенты, аддаём перавагу такім спецыялістам. А давер чалавека, які хоча, каб менавіта ты зрабіў яго здаровым, — шмат чаго варты.

Кацярына КУКАНАВА

Pomogut Профессорский консультативный центр Фармация Гродно Здоровые люди Сайт для подростков Молодежь Гродненщины Медицинский вестник Гродненская правда